МЫШКА ПІК-ПІК ПІША ВЕРШ Аднойчы ноччу вылезла мышка Пік-Пік з норкі і пачала шукаць смачненькага. Але ў доме не толькі не знайшлося нічога смачненькага, але не было ні Таты, ні Мамы, ні дзяўчынкі Веранічкі, ні коткі Пепіты! Аказваецца, яны ўсе паехалі ў вёску да бабы з дзедам, а мышка праспала... Раззлавалася Пік-Пік, пакрыўдзілася. «Усе мяне кінулі! Ну, нічога, я і без іх пражыву». Пачала мышка думаць, з чаго пачаць самастойнае жыццё. Перш за ўсё трэба купіць шмат цукерак. Цукеркі купляюць у краме за грошы. Грошы прыносіць Тата. Ён атрымлівае іх за вершы. А вершы Тата піша сам, і праца гэта не вельмі складаная. Праўда, Мама таксама піша вершы, але пры гэтым яна ў левай руцэ трымае лыжку, якой памешвае ў каструлі, а ў правай руцэ – самапіску. Не, так пісаць – сабе даражэй! Вось Тата – кладзецца на канапу, закідвае нагу на нагу, бярэ сшытак і пачынае бубнець: «Бубу-бу! Тра-та-та-та, бу-бу-бу!» I нават час ад часу рукой з самапіскай памахвае ў паветры! «Гэтак і я змагу! – вырашыла мышка. – Напішу вершы, атрымаю грошы і пабягу па цукеркі!» Узяла Пік-Пік са стала ліст паперы і самапіску, залезла на канапу і пачала бубнець: – Бубу-бу! Гугу-гу! Пі-пі-і-і-і! I нават самапіскай не паленавалася махаць. Старалася мышка, старалася, а верша няма! Яна ўжо і аркуш перавярнула, і самапіску пакусала, а верш – не з’яўляецца! Раззлавалася мышка, з’ела ліст, развінціла самапіску, а тут на фортку села шэрая незнаёмая варона. – Хто тут мышка Пік-Пік? Прымайце пасылку з вёскі! Не паспела мышка здзівіцца, як узрадавалася! Варона паляцела, а на стале застаўся вялікі пакунак, з якога смачна пахла. Раздзерла яго хутчэй Пік-Пік, і адтуль высыпаліся грыбы, арэхі, морква, гарох, семачкі – і, канечне, цукерачкі! А зверху ляжала запіска: «Не сумуй, Пік-Пік, мы заўтра вернемся! Тата, Мама, Веранічка, Пепіта». I ад радасці ў мышкі напісаўся верш: Вельмі я сябрам удзячна, Бо люблю паесці смачна. З’ем арэшкі, з’ем грыбочкі, Не пайду ніколі ўпрочкі! З’ела мышка Пік-Пік усю пасылку і пайшла спаць. А праз сон усё прыкідвала, колькі зможа купіць цукерак на тыя грошы, што заплацяць ёй за такі цудоўны верш!
|